ЧЭ́ШСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); дзярж. мова Чэхіі (да 1992 разам са славацкай мовай б. Чэхаславакіі). Пашырана таксама ў ЗША, Канадзе, Аўстрыі. Мае 4 групы дыялектаў: уласна чэш., ганацкія, лашскія (сілезскія), мараўска-славацкія. Ч.м. ўласцівы: у фанетыцы — сталы экспіратарны націск на 1-м складзе, захаванне доўгіх галосных, пераход -or-, -ol-, -er-, -el- паміж зычнымі ў -ra-, -la-, -ře-, -le-; пераход g→h, ŕ→ř, ľ і l̅→l (сярэдняе), ō→u̯o→ū(ů), ý→ej, зліццё «у» і «і» ў адзін гук «і», у выніку пераразмеркавання палаталізацыі зычных a, á→ě, ie→í, u→i; у марфалогіі — знікненне парнага ліку, аорыста, імперфекта, адрозненне канчаткамі адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў і прыметнікаў м.р., наяўнасць малаўжывальных кароткіх прыметнікаў, кароткія і поўныя формы займеннікаў, формы роду і ліку ў дзеепрыслоўяў. Першыя пісьмовыя помнікі з 13 ст. Літ. Ч.м. склалася ў 14 ст., у 17 ст. заняпала. Адраджэнне пачалося ў канцы 18 ст. на аснове л-ры 16 — пач. 17 ст. Алфавіт на аснове лацінскага.

Літ.:

Широкова А.Г. Чешский язык. М., 1961;

Ивашина Н.В., Плотников Б.А. Чешский язык. Мн., 1985;

гл. таксама да арт. Славацкая мова.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)